Арыентаваны на Расію: пяць фактаў пра ўдзельніка Еўрабачання ад Беларусі Аляксандра Іванова (Ivan-а)
Учора стала вядома, што Беларусь на песенным конкурсе «Еўрабачанне-2016» рэпрэзентуе маскоўскі спявак з беларускімі каранямі Аляксандр Іваноў. Многія бачаць у гэтым блат, бо Іваноў з’яўляецца пратэжэ прадзюсара Віктара Дробыша. «НН» сабрала цікавыя факты з біяграфіі спевака.
Выйшаў з гомельскай рок-тусоўкі
Аляксандр Іваноў (Ivan) нарадзіўся ў 1994 годзе ў Гомелі. Скончыў музычную школу па класе класічнай гітары. Ягоны бацька і брат таксама музыкі. Разам з братам Уладзімірам (гітарыстам) Аляксандр граў у гурце Brown Velvet, які выконваў дастаткова цяжкую музыку. «Гэта абсалютна некамерцыйная музыка», — казалі хлопцы. Песні выконвалі выключна на англійскай мове. Аляксандр Іваноў казаў, што ніколі не пісаў вершаў ні на рускай, ні на беларускай мовах. Аднак у новым вобразе ён усё ж часцей спявае якраз на рускай.
«Я б сёння больш не пісаў такой музыкі, мне гэта ўжо нецікава. Я хачу новага, сучаснага. Канечне, гэта будзе рок, аднак відазменены», — казаў Аляксандр.
Перамог у конкурсе ў акупаваным Крыме
Відазмененая група робіць стаўку на расійскі рынак, а не на Беларусь.
15 чэрвеня 2014 Аляксандр Іваноў узяў удзел ва ўсерасійскім конкурсе маладых выканаўцаў «Пяць зорак», які праходзіў у Ялце. Прысутнічала ўсё кіраўніцтва Рэспублікі Крым. У журы музычнага спаборніцтва ўваходзілі вядомыя ў расійскім шоу-бізе людзі: Іосіф Кабзон (ён абвяшчаў імя лаўрэата), Віктар Дробыш, Юрый Антонаў, Ірына Алеграва. Праз перамогу ў гэтым конкурсе Іваноў мусіў прадстаўляць Расію на міжнародным конкурсе «Інтэрбачанне», які, аднак, быў адменены ў апошні момант.
У расійскіх СМІ гэтую падзею падалі як тое, што ў Ялце «перамог рокер з Санкт-Пецярбурга». У той час ён жыў менавіта ў гэтым расійскім горадзе і ўдзельнічаў у гурце IVANOV.
Жыве ў Маскве
Другая значная перамога Аляксандра Іванова звязаная з праектам «Галоўная сцэна». Там ён выконваў песню вядомага расійскага поп-спевака Мікалая Наскова «А на меньшее я не согласен». Пасля гэтага на Іванова звярнулі ўвагу некалькі значных у Расіі прадзюсараў. Супрацу прапаноўваў Ігар Матвіенка, але выбар маладога беларуса паў на Віктара Дробыша.
«Думаю, што гэта самы таленавіты чалавек у сучасным шоу-бізе», — казаў пра яго Дробыш. Ягоная песня «Крест и любовь» вельмі хутка трапіла ў хіт-парад на «Рускім радыё».
Сам Аляксандр сёлета быў уганараваны тым, што 12 чэрвеня 2015 года выступаў пад сценамі Крамля на Дзень Расіі. Ён выканаў песню «Выбірай», дзе ёсць радкі «ваяваць ці любіць, ты выбірай». Публіка ўспрыняла на ўра.
Цяпер Аляксандр Іваноў жыве ў Маскве. Менавіта ў Расіі адбываецца абсалютная большасць яго выступаў.
Пасля таго як яго паслухаў Лукашэнка
Прапанова ўзяць удзел у адборы да Еўрабачання-2016 паступіла Аляксандру Іванову пасля таго, як у кастрычніку ён узяў удзел у творчым вечары Віктара Дробыша на «Мінск-Арэне». У той вечар сярод гледачоў прысутнічаў Аляксандр Лукашэнка, які ўручыў Дробышу ордэн Францішка Скарыны.
Іваноў кажа, што часу заставалася зусім нямнога, аднак яны паспелі напісаць песню для адбору. Ужо тады стала ясна, што Аляксандр Іваноў будзе галоўным фаварытам гэтага адбору.
Хаця сам Іваноў рашуча адкідваў меркаванні, што Дробыш можа дабівацца яго перамогі несумленным шляхам: «Гэта нам непатрэбна. Калі за нас прагаласуюць — значыць, прагаласуюць. Калі не — то не. Дурасцю было б нешта падстройваць, выйшаў бы нейкі самаабман».
Ушу і маляванне
Аляксандр Іваноў ніколі ніяк не выказваецца аб палітычных і грамадскіх з’явах. Усе ягоныя інтэрв’ю выключна аб музыцы і крыху пра сябе.
Напрыклад, ён расказваў, што захапляецца маляваннем. «Я часта думаю аб прыродзе, космасе, душы, нейкіх вышэйшых матэрыях. І для мяне момант малявання асацыюецца з своеасаблівым псіхааналізам, з сыходам у іншы свет, які існуе, але мы яго не бачым».
Яшчэ з біяграфіі ў біяграфію Аляксандра Іванова пераходзіць, што ён займаецца ушу. Аднак сам спявак кажа, што ўзяў усяго пару заняткаў для мюзікла «Рамэа і Джульета».
Каментары