Архіў

Дзе пахаваны наш першы сьвяты

Торвальд Вандроўнік быў першым хрысьціянскім місіянэрам у Беларусі. Магчыма, гэта ён адпяваў Рагнеду і Ізяслава. «Там ён пахаваны ў адной гары каля Полацку, і называюць палачане яго сьвятым», — пішуць сагі. Магіла сьвятога — у Полацку на Востраве?

Прачынаюся. Нават з заплюшчанымі вачыма адчуваецца, што раніца лагодная. Узыход ліпеньскага сонца ў такія хвіліны можна адчуць — асабліва ў зацішным кутку ў драўляным прыватным доме. Калясьніца Ярылы на крутым пад’ёме нябеснага шляху грукоча як мае быць. Прыслухаесься і выразна чуеш адмысловы гуд — гэтак жа дае аб сабе знаць далёкая аўтастрада.

Устаю з ложка і іду да акна. З другога паверху можна гадзінамі глядзець на прыдзьвінскі краявід. Паверхня магутнай ракі гладкая, і ты проста фізычна адчуваеш тую волатаўскую моц, зь якой яна коціць у Балтыку свае воды. У ёй адбіваецца глыбокі блакіт неба, цені кірляў, якія нястомна кружляюць у насычаным сонечнымі прамянямі паветры, і дрэвы закінутага парку на супрацьлеглым беразе. Адтуль у мой сад прылятаюць уначы совы.

На старажытных мапах Полацку супрацьлеглы бераг пазначаўся як Востраў. Тут у даўнія часы знаходзіўся манастыр Іаана Прадцечы (Хрысьціцеля). Водны рукаў, што агінаў Востраў з паўднёвага боку, колькі стагодзьдзяў таму занесла пяском. Абарончае значэньне прыроднай фартыфікацыйнай перашкоды зьнікла яшчэ ў сярэднявеччы, ніхто і не падтрымліваў яе ў спраўным стане. Вядомы археоляг Сяргей Тарасаў, аўтар кнігі «Полацак IX—XVII. Гісторыя і тапаграфія», сьцьвярджае, што Востраў па-ранейшаму застаецца самай маладасьледаваннай археолягамі тэрыторыяй гораду.

Раным-рана тысячу гадоў таму на супрацьлеглым беразе ракі прачынаўся легендарны Торвальд Вандроўнік. Ён любаваўся тымі ж краявідамі — хуткабежнымі водамі Дзьвіны, нястомнымі кірлямі над ракой, блакітам неба. Торвальд быў стары і мудры. Ён вырашыў застацца тут і адысьці ў лепшы сьвет менавіта тут, на Полаччыне. Ён палюбіў гэтых людзей, якім прынёс веды пра сьвет і хрысьціянскую веру, расповеды пра міласьцівага Госпада і таямніцы сьвету.

Ісьляндзкі місіянэр бачыў безьліч розных краявідаў — роднае ісьляндзкае акіянічнае ўзьбярэжжа, фіёрды Скандынаўскай паўвыспы, Ерусалім і Канстантынопаль, стэпы Падняпроўя. Але абраў Полацак.

Старажытная скандынаўская «Сага пра Хрост» апавядае: «Торвальд памёр у Русі непадалёка ад Палтэск’і (Полацку). Там ён пахаваны ў адной гары ў царкве Яна Хрысьціцеля, і называюць палачане яго сьвятым».

Торвальд — наш першы сьвяты? Супольны, да падзелу на праваслаўных і каталікоў.

Месца пахаваньня Торвальда Вандроўніка застаецца загадкай для гісторыкаў.

Некаторыя гісторыкі трымаюцца вэрсіі, што Торвальд жыў і быў пахаваны ля ракі Друя (Дроўны): так напісана ў скандынаўскай сазе. Але цяжка ўявіць, каб у тыя даўнія часы хрысьціянскі місіянэр мог пасяліцца, ды яшчэ збудаваць царкву, у такіх паганскіх нетрах. Торвальд мог весьці місіянэрскую дзейнасьць на Падзьвіньні толькі з дазволу полацкага князя Ізяслава і пад яго асабістай апекай. Магчыма, Ізяслаў з Рагнедай, каб распачаць хрысьціянізацыю Полацкага краю, зьвярнуліся да бізантыйскага імпэратара па дапамогу, а той і паслаў у Полацак Торвальда або некалькі місіянэраў на чале з Торвальдам, якія заснавалі ў крыўскай сталіцы манастыр.

Лепшага месца, чым Востраў, для пасяленьня Торвальда ў ваколіцах Полацку няма. Сяліць хрысьціянскага місіянэра нават на Гарадзішчы, побач з княжацкімі палатамі, было небясьпечна. Усё магло здарыцца — не дапільнуесься. А вось на Востраве, пры невялікай ахове, можна было больш-менш спакойна жыць і будаваць манастыр. Побач з манастыром, магчыма, і быў пахаваны адзін зь першых сьвятых нашай зямлі — Торвальд Вандроўнік. Калі нават ад яго магільнага кургану не засталося і знаку, дык усё адно парэшткі Торвальда ляжаць у зямлі Вострава. Там і трэба будаваць капліцу-пахавальню. Засталося толькі знайсьці месца, дзе стаяў манастыр Іаана Прадцечы. Кажуць, месца пахаваньня сьвятога часам можа зьзяць…

Пайшлі з жыцьця гэтыя некананізаваныя — пакуль — сьвятыя беларускай зямлі амаль адначасова: Рагнеда — у 1000 годзе, Ізяслаў — у 1001, Торвальд — у 1002. Напэўна, Торвальд адпяваў Рагнеду і Ізяслава. І ці не пахаваны Торвальд і Ізяслаў побач?

Торвальд Вандроўнік

Торвальд, сын Кодрата па мянушцы Вандроўнік (Thorvald Kodransson) нарадзіўся каля 950 г. на поўначы Ісьляндыі. У маладосьці служыў памочнікам дацкага караля Свэна Вілабародага, разам зь якім ладаваў набегі на Ірляндыю і Ўэлз. Але Торвальд падчас паходаў вёў сябе незвычайна — здабычу мяняў на палоньнікаў, якіх адпускаў дахаты. Менавіта ў Ірляндыі ён упершыню і сутыкнуўся з хрысьціянствам. Багацьце й глыбіня новага вучэньня так уразілі вікінга, што ён кінуў усё і падаўся ў Саксонію, дзе ў 980 г. прыняў хрост ад біскупа Фрэдрыка.

Разам зь біскупам у 981 г. Торвальд адправіўся на Радзіму — «каб прывесьці сваіх братоў у сьвятло праўдзівай веры». Спачатку справа хросту пайшла выдатна — хутка ў Ісьляндыі паўстала першая царква. Але паганцы пачалі супраціў. Адной з формаў былі жарты — юнакі сьпявалі на кірмашах абразьлівыя для прапаведнікаў прыпеўкі. Разьюшаны Торвальд забіў двух пасьмешнікаў. У адказ суродзічы сабралі 240 чалавек, спалілі царкву і сядзібу Торвальда, забілі багата хрысьціян. Прапаведнікі ўцяклі з Ісьляндыі, а экс-вікінг даў абяцаньне ніколі не вяртацца на Радзіму і прывесьці «да сьвятла веры Хрыстовай хаця б адзін народ».

У 985 г. у Канстантынопалі Торвальд сустрэўся з імпэратарам Васілём II і патрыярхам Мікалаем II. Імпэратар выдаў грамату, згодна зь якой Торвальд прызначаўся паўнамоцным прадстаўніком Бізантыі «да рускіх князёў у краінах Ўсходняй Балтыкі».

У 986 г. Торвальд прыбыў у Полацк. Місія была настолькі пасьпяховай, што Торвальд вырашыў ня рухацца далей, а застацца ў Полацку. Тут быў пабудаваны храм і кляштар сьв.Яна «недалёка ад места пад гарой пад назваю Дрофн». Торвальд застаўся да скону жыцьця ў Полацку намесьнікам створанага ім кляштара сьв.Яна і памёр каля 1000 г. У той самы год, па іроніі лёсу, хрысьціянства было прызнана ў Ісьляндыі.

Праз 50 гадоў Полацак наведаў вікінг Бранд. Ён прыйшоў да магілы Торвальда ў кляштар, што ўжо быў названы ягоным імем. Паводле сьведчаньня Бранда, тагачасныя палачане лічылі Торвальда сьвятым.

Андрэй Катлярчук

Каментары

Сталі вядомыя прозвішчы пяці палітвязняў, вызваленых па памілаванні пасля 7 лістапада

Сталі вядомыя прозвішчы пяці палітвязняў, вызваленых па памілаванні пасля 7 лістапада

Усе навіны →
Усе навіны

Мінчанка расказала, як змагла правезці ежу праз беларуска-літоўскую мяжу8

Лісты палітвязня Вацлава Арэшкі з турмы напісаныя чужой рукой

Трамп выбраў Роберта Кенэдзі-малодшага міністрам аховы здароўя13

У Беларусі прадаюць мёд за 300 рублёў — што за ён?2

«Калі ласка, памры». Нейрасетка з абразамі і праклёнамі накінулася на карыстальніка. Спыталі ў яе, чаму яна раззлавалася30

Па ўсёй Беларусі прайшла хваля затрыманняў сваякоў палітвязняў7

23-гадовы хлопец загінуў у лабавым сутыкненні ў Светлагорскім раёне

Трэнеру брэсцкага «Дынама» стала кепска пасля перамогі над БАТЭ — яму тэрмінова зрабілі аперацыю на сэрцы1

У Мінску пайшоў снег ФОТА1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сталі вядомыя прозвішчы пяці палітвязняў, вызваленых па памілаванні пасля 7 лістапада

Сталі вядомыя прозвішчы пяці палітвязняў, вызваленых па памілаванні пасля 7 лістапада

Галоўнае
Усе навіны →